Турыстычнае прадпрыемства ЗЯЛЕНАЯ КАМАНДА
+375 29 631 85 69 +375 29 634 09 00 +375 29 762 58 40
223036, вул. Мінская 46, Заслаўе, Мінскі раён,
Беларусь
BY

ПА ШЛЯХАХ НАПАЛЕОНА


Барысаў – Смаляны – Орша – Віцебск – Здраўнёва.

Кіламетраж: 600 км.

Працягласць: 2 дні.

Войскі Напалеона Банапарта у 1812 г. прайшлі праз Беларусь хуткім маршам. Французскі імператар спяшаўся на Маскву. Агледзіўшы ў Віцебску карту краіны, якую ён збіраўся захапіць, неўтаймаваны карсіканец, не разабраўшыся, дзе ён знаходзіцца,  што гэта за край і што за людзі тут жывуць, кінуўся на захоп сталіцы. Гэта дорага яму каштавала –літаральна праз некалькі месяцаў беларуская рака Бярэзіна пад Барысавам прыняла ў свае халодныя хвалі рэшткі магутнага напалеонаўскага войска. Сёння шмат хто з гісторыкаў гаворыць, што калі б Банапарт не спяшаўся, застаўся зімаваць у Віцебску, упарадкаваў былыя землі ВКЛ, то можа і не было б тады бітвы на Бярэзіне. Але сталася як сталася, а мы ж не будзем паўтараць Напалеона, і адправімся зведваць Беларусь у паўночна-усходнім кірунку, заадно наведваючы помнікі, якія захавалі памяць пра французскага імператара.

Барысаў Напалеона памятае добра. На правым Беразе Беразіны захаваліся земляныя ўмацаванні расійскіх войскаў, узведзеныя для абароны горада. Пад час наступу французскага войска тут разгарнуліся сур’ёзныя баі, якія скончыліся паразай расійскіх войскаў. А вось маленькая вёска Студзёнка ў 20 км. ад Барысава памятае ўжо зусім іншую гісторыю, як праз некалькі месяцаў у яе ваколіцах была знішчана амаль уся французская армія. Толькі  Напалеон з невялікай часткай свайго войска здолеў выбрацца з акружэння.

Дарэчы не прапусцім мы і сам Барысаў,  горад з добра захаваным гістарычным цэнтрам:  прыгожымі царквой і касцёлам, гандлёвымі радамі.

Дарога на ўсход. Менавіта адсюль – з боку Смаленска бег у лістападзе 1812 г. Напалеон і ці не ў кожнай вёсачцы на гэтым шляху захоўваецца цвёрдае перакананне, што менавіта дзесьці тут французы зарылі свой знакаміты напалеонаўскі скарб. Гэта ж дарога прывядзе нас у горад Оршу – адзін з цэнтраў старабеларускага кнігадрукавання, малую радзіму Уладзіміра Караткевіча. Тут захавалася некалькі старадаўніх храмаў, адбудаваны езуіцкі калегіум і рэшткі гарадскога гарадзішча.

А пад Оршай, у невялікай вёсцы Смаляны дайшлі да нашых дзён руіны ажно 3 цікавых помнікаў: замку XVII ст. “Белы Ковель”, праваслаўнай царквы ХІХ ст.  і касцёла стагоддзя ХVIII.

Другі дзень экскурсіі цалкам прысвечаны Віцебску – аднаму са старажытнейшых і буйнейшых гарадоў Беларусі. Горад, па легендзе заснаваны яшчэ кіеўскай княгіняй Вольгай, цяпер хутка і актыўна развіваецца, прычым не толькі ў сучасным плане, але і ў гістарычным – аднаўляюцца храмы, разбураныя ў ХХ ст., узводзяцца новыя помнікі, адкрываюцца музеі. Адпраўной кропкай экскурсіі па Віцебску ёсць храм Звеставання, аснова якога адносіцца ажно да ХІІ ст. У цэнтры горада узвышаецца ратуша XVIIIст., адна з 5 захаваных у Беларусі (у ёй зараз краязнаўчы музей, які мы абавязкова наведаем). За Ратушай – цэлы квартал старадаўніх вузкіх вулачак, старадаўніх цэркваў і касцёлаў. Там жа, на беразе Дзвіны стаіць губернатарскі палац 1772 г. Вось менавіта ў ім жыў галоўны герой нашай вандроўкі  - Напалеон Банапарт, тут жа, як лічыцца ён прыняў адно вельмі важнае для яго рашэнне, якое паўплывала на ўвесь далейшы ход кампаніі.

Ну і  які Віцебск без Марка Шагала. Геній, які нарадзіўся ў небагатай габрэйскай сям’і ў канцы ХІХ ст. праславіў свой родны горад на ўвесь свет. Пра жыццё і творчасць Шагала можна даведацца ў адным з 2 музеяў прысвечаных выбітнаму мастаку.

І на заканчэнне экскурсіі мы накіроўваемся да мясцінаў яшчэ аднаго мастака – Іллі Рэпіна. У канцы ХІХ ст. слынны расійскі мастак набыў пад Віцебскам маёнтак Здраўнёва, дзе жыў больш за 10 год кожнае лета і дзе пабудаваў прыгожую сядзібу на беразе Дзвіны. Наведвання музея Рэпіна і прагулка па парку ўздоўж ракі пераканае вас, што гэта месца было цудоўным прытулкам для творчасці мастака.  

     


Пры капіяванні матэрылаў просьба указваць спасылку на сайт www.greenteam.by
Зялёная Каманда © 2011-2013
Наверх